Now Reading
«Міс Беларусь»: як змяняўся конкурс, хто перамагаў і пры чым тут Лукашэнка

«Міс Беларусь»: як змяняўся конкурс, хто перамагаў і пры чым тут Лукашэнка

конкурс міс беларусь

8 верасня ў Мінску пайшоў фінал конкурсу «Міс Беларусь-2023». Пераможцай стала менеджарка мадэльнага агенцтва ў Нацыянальнай школе прыгажосці Элеанора Качалоўская. Сёлета конкурс запомніўся танцамі з кувалдамі і тым, што новая «Міс Беларусь» не змагла назваць аўтара п’есы «Паўлінка».

А калі ўвогуле з’явіўся гэты конкурс у Беларусі? Якое дачыненне ён мае да Лукашэнкі і ці змяніўся пасля падзей 2020 года? PALATNO расказвае гісторыю конкурсу «Міс Беларусь», хто на ім перамагаў у 1998-2023 гадах і чым цяпер займаюцца пераможцы конкурсу.

Што такое «Міс Беларусь»

«Міс Беларусь» — нацыянальны конкурс прыгажосці, ён упершыню прайшоў у 1998 годзе і з таго моманту праводзіцца раз на два гады. Фіналісткі ўдзельнічаюць у конкурсе «Міс Еўропа», а пераможца — у конкурсе «Міс Свету».

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Нацыянальная школа прыгажосці, Міністэрства культуры і тэлеканал АНТ. Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце Нацыянальнай школы прыгажосці, у конкурсе «Міс Беларусь» могуць прымаць удзел дзяўчаты, якія маюць добрыя знешнія даныя і адказваюць наступным патрабаванням:

  • маюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы, працы);
  • ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў уключна на дату правядзення фіналу;
  • з ростам не ніжэй за 172 см;
  • без татуіровак і пірсінгу на целе;
  • якія ніколі не былі ў шлюбе;
  • якія не маюць дзяцей.

Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца ўладальніцы «Міс Беларусь» і пераможцы ў намінацыях папярэдніх нацыянальных конкурсаў прыгажосці «Міс Беларусь», а таксама асобы, якія маюць дачыненне да фота- і відэаматэрыялаў эратычнага або парнаграфічнага характару.

Конкурс праходзіць у тры этапы: першы і другі з’яўляюцца адборачнымі, трэці — заключны. Падрыхтоўчы (рэгіянальны) этап конкурсу праводзіцца ў раёнах, гарадах абласнога падпарадкавання і абласных цэнтрах. Асноўны (абласны, Мінскі гарадскі) этап — у абласцях і Мінску. Заключны этап конкурсу, які ўключае ў сябе паўфінал і фінал, — у Мінску.

Сімвалам конкурсу і пераходнай узнагародай з’яўляецца залатая карона (з белага золата і паўтысячы фіянітаў і тапазаў), вырабленая па замове Нацыянальнай школы прыгажосці ў 2004 годзе.

Па словах арганізатараў, званне першай прыгажуні краіны — гэта не тытул, які прысвойваецца на два гады, а пэўныя абавязкі і адпаведны лад мыслення, які застанецца ў дзяўчыны на ўсё жыццё.

Першы конкурс «Міс Беларусь»

У 1997 годзе па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі і далейшым загадзе Міністэрства культуры ў Мінску паўстала Нацыянальная школа прыгажосці. Тады і ўзнікла ідэя правесці першы конкурс «Міс Беларусь». Прыватныя шоу, дзе выбіраліся самыя прыгожыя дзяўчаты, былі і раней. Але на дзяржаўным узроўні конкурс упершыню прайшоў у сакавіку 1998 года ў Оперным тэатры.

Арганізатарам першага ў гісторыі Беларусі нацыянальнага конкурсу прыгажосці быў рэжысёр Юрый Брэўс. На той момант ён за плячыма меў перадачу пра моду на Беларускім тэлебачанні, fashion-фестывалі, праект «Мода і музыка новага пакалення» на «Славянскім базары ў Віцебску», дзе былі прадстаўлены дызайнеры з Украіны, Расіі і Беларусі. А адкрываць шоу прыехаў Вячаслаў Зайцаў.

Конкурс праходзіў у сакавіку 1998-га, а рыхтаваць дзяўчат пачалі яшчэ восенню 1997-га. Адну канкурсантку знайшлі літаральна на вуліцы. Юрый Брэўс праязджаў міма архітэктурнага тэхнікума і ўбачыў прыгожую дзяўчыну. Выбег, паказаў пасведчанне і папрасіў нумар тэлефона. Іншую Юрый сустрэў на тэлебачанні — тая прыехала на перадачу. Разам з Людмілай Каробкінай, дырэктаркай харэаграфічнага каледжа, які быў базай Нацыянальнай школы прыгажосці, Брэўс едзіў з кастынгамі па гарадах і вёсках. Была задзейнічана таксама мясцовая прэса. Самых прыгожых дзяўчат пераводзілі на вучобу ў Мінск у якасці дэманстратараў адзення. Яны займаліся з педагогамі каледжа, навучаліся дэфіле, макіяжу, вывучалі замежную мову і потым атрымлівалі дыпломы.

конкурс міс беларусь
Конкурс «Міс Беларусь-1998». Фота: sb.by

Пляцоўкай для першага конкурсу «Міс Беларусь» стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета. Усе патрэбы вырашаліся з максімальнай эканоміяй сродкаў. Касцюмы для ўдзельніц шыў камбінат Опернага тэатра. Для ўсіх удзельніц былі замоўлены саламяныя кароны, нацыянальныя касцюмы былі пашыты з ручнікоў. Сама карона «Міс Беларусь» была выраблена з чэшскага шкла. Пераможца таксама атрымала грашовую ўзнагароду ў памеры 300 долараў і электрачайнік.

Вядучымі першага конкурсу сталі жонка рэжысёра Алена Спірыдовіч і Генадзь Давыдзька — тады ён быў дырэктарам Купалаўскага тэатра.

Пераможцай «Міс Беларусь-1998» стала дзевятнаццацігадовая Святлана Крук. Пасля дзяўчына тройчы ўдзельнічала ў міжнародных конкурсах, працавала мадэллю ў Італіі, ЗША і Расіі.

конкурс міс беларусь
Святлана Крук з Лукашэнкам. Фота: hrodna.life

Святлана скончыла факультэт прыкладной матэматыкі Гродзенскага ўніверсітэта з чырвоным дыпломам, атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве. Затым выйшла замуж, стала Кузняцовай, пераехала ў Маскву і ўладкавалася настаўніцай матэматыкі.

У жанчыны цяпер трое дзяцей. Да нядаўняга часу яна працягвала ўдзельнічаць у розных конкурсах прыгажосці, займала першыя месцы: «Місіс Сусвет-2013» (1 месца), «Місіс Зямны шар-2017» (1 месца).

Як змяняўся конкурс «Міс Беларусь» і хто на ім перамагаў

Пераможцай конкурсу ў 2000 годзе стала шаснаццацігадовая Ганна Стычынская. Многія міжнародныя конкурсы аказаліся для яе закрытымі. Мадэльная кар’ера ў Ганны не асабліва склалася. А ў 2002 годзе яна адмовілася перадаць карону новай Міс.

конкурс міс беларусь
Ганна Стычынская. Фота: hvali.by

Пасля вучобы ў Мінскім педуніверсітэце Ганна працавала ў мадэльным агенцтве Сашы Варламава. А па шлюбе перастала весці свецкае жыццё. У 2014-м прыгажуня пераехала ў італьянскі Новар, дзе выкладае рускую мову.

Конкурс «Міс Беларусь-2002» прайшоў пад патранатам дзяржавы. З 17 прыгажунь выбіралі пяць. У журы ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Давыдзька, Старшыня праўлення «Беларусбанка» Надзея Ермакова, прызёр Алімпійскіх гульняў па фрыстайле Аляксей Грышын, галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия» Павел Якубовіч, спявак Якаў Навуменка і іншыя.

У конкурсе перамагла 21-гадовая Вольга Неўдах з Драгічына. Пасля гэтага яна брала ўдзел у чэмпіянаце свету па выканальніцкім мастацтве ў Лос-Анджэлесе, конкурсах «Міс Еўропы-2002» і «Міс Свету-2003».

конкурс міс беларусь
Вольга Неўдах у 2002 і 2019 годзе. Фота: news.zerkalo.io

Жанчына — культуролаг па спецыяльнасці, мае дачку. Працавала ў студыі моды Сяргея Нагорнага і кіравала яе брэсцкім офісам. Пасля нараджэння дзіцяці Вольга прызналася, што ні за што не прамяняла бы сваё сямейнае шчасце на кар’еру мадэлі. Жыла ў Брэсце, праводзіла семінары ў жаночым клубе «Прыгажосць у табе». Зараз жыве ў Маскве, працуе менеджаркай у некалькіх прыватных IT-школах.

У 2004 годзе ў конкурсе перамагла Вольга Антропава з Полацка. Затым Вольга брала ўдзел у «Міс Свету», нейкі час жыла ў ЗША, дзе скончыла мастацкія курсы, адначасова з вучобай працавала мадэллю і выгульвала за грошы сабак. Але кар’ера ў Амерыцы не склалася, і дзяўчына вярнулася ў Беларусь.

конкурс міс беларусь
Вольга Антропава. Фота: hvali.by

Яна атрымала дызайнерскую адукацыю ў Маскве і цяпер займаецца дызайнам і дэкорам інтэр’ераў у Мінску. Антропава замужам, але асабістае жыццё не дэманструе.

У 2006 годзе фінал конкурсу «Міс Беларусь» адбыўся 2 чэрвеня ў Палацы Рэспублікі. Сам конкурс праходзіў у некалькі этапаў: абласныя адборачныя туры, рэспубліканскі адборачны тур і рэспубліканскі фінал. У конкурсе ўзялі ўдзел больш за 330 дзяўчат з усёй Беларусі, у фінал выйшлі 24 прэтэндэнткі. Пераможцай конкурсу і ўладальніцай тытула «Міс Беларусь-2006» стала Кацярына Літвінава з Магілёва. Тытул яна атрымала ў 22 гады. У Кацярыны ёсць эканамічная адукацыя. Але па спецыяльнасці яна не працавала: спачатку ўладкавалася ў мадэльнае агенцтва Serge, потым на СТВ, нейкі час здымалася ў кіно. Зараз выкладае ў акцёрскай школе агенцтва Bel ros kino. Літвінава замужам, выхоўвае сына.

конкурс міс беларусь
Кацярына Літвінава ў 2006 і 2021 гадах. Фота: news.zerkalo.io

У 2006 годзе галоўным прызам была карона, вырабленая з выкарыстаннем 100 грамаў белага золата 585-й пробы і каля паўтысячы каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Акрамя таго, пераможцы атрымалі грашовыя прызы, а Міс Беларусь — права прадстаўляць краіну на міжнародных конкурсах прыгажосці, у тым ліку «Міс Свету».

З 2008 года арганізатарам конкурсу становіцца тэлеканал АНТ. Тады ў тэлеэфіры трансліраваліся рэгіянальныя адборы, падчас якіх выбіралі дзвюх удзельніц фіналу, прычым адну вызначала журы, другую — тэлегледачы. У 2008 годзе конкурс «Міс Беларусь» стаў самым маштабным за ўсю гісторыю існавання. Адборачныя туры адбыліся ў 15 гарадах рэспублікі, на кастынгах паказалі сябе больш за 2 тысячы дзяўчат. Рэкардсменам па колькасці ўдзельніц адборачнага тура стаў Мінск — прыйшло больш за 500 дзяўчат. Пераможцай конкурсу стала 21-гадовая Вольга Хіжынкова з Віцебска. Апроч кароны першая прыгажуня краіны атрымала таксама аднапакаёвую кватэру ў сталічным раёне Вяснянка. Першай віцэ-міс і другой віцэ-міс VI Нацыянальнага конкурсу прыгажосці дасталіся грашовыя ўзнагароды ў памеры дзесяці і пяці тысяч долараў адпаведна. «Міс Фота-2008» і «Міс Дружба-2008» атрымалі грашовыя прызы ў памеры двух тысяч долараў кожная.

На фінальным шоу выступілі Томас Андэрс, Філіп Кіркораў, Дзмітрый Калдун, Руслан Аляхно. Фінал наведаў Лукашэнка.

конкурс міс беларусь
Вольга Хіжынкова ў 2008 годзе. Фота: viciebsk.cc

Вольга скончыла журфак БДУ, працавала прэс-сакратаром на АНТ, прэс-сакратаром футбольнага клуба «Дынама-Брэст», выкладала ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Доўгі час яна была тварам кампаніі Conte. Пасля выбараў 2020-га Вольга неаднаразова публічна выказвалася пра сітуацыю ў Беларусі, выступіла супраць гвалту. А 8 лістапада 2020 года Хіжынкову затрымалі ў Мінску на нядзельнай акцыі «Марш народаўладдзя». Яна правяла за кратамі 42 дні — на той момант гэта быў адзін з рэкордных тэрмінаў. У верасні 2021 года яе звольнілі з Нацыянальнай школы прыгажосці праз актыўную грамадзянскую пазіцыю.

конкурс міс беларусь
Вольга Хіжынкова падчас пратэстаў 2020. Фота: reform.by

У адным з інтэрв’ю Вольга расказала, што тытул «Міс Беларусь» цяпер носіць хутчэй дэкаратыўны характар — разлічваць можна толькі на працу ў службе пратаколу Лукашэнкі, на дзяржаўным тэлебачанні або ў Нацыянальнай школе прыгажосці.

У 2010 годзе на конкурсе перамагла 23-гадовая ўраджэнка Гродна Людміла Якімовіч. Пасля конкурсу яна ўдзельнічала ў «Міс Свету», Miss Supranational (стала першай віцэ-міс). Праз паўгода пасля конкурсу выйшла замуж і пераехала спачатку ў Латвію, потым у Нью-Ёрк. Працуе ў мадэльным агенцтве.

конкурс міс беларусь
Людміла Якімовіч. Фота: dzen.ru

20-гадовая Юлія Скалковіч з Брэста перамагла ў 2012 годзе. Праз 2 гады яна выйшла замуж. Атрымала адукацыю архітэктара. На нейкі час з’язджала ў Кітай, але вярнулася ў Брэст, дзе занялася прыватным бізнесам.

конкурс міс беларусь
Юлія Скалковіч. Фота: brestcity.com

Цікава, што на фінале «Міс Беларусь-2012» побач з Лукашэнкам у зале сядзелі «Міс Украіна» і «Віцэ-міс Польшча».

У 2014 годзе перамога дасталася Вікторыі Мігановіч. Пасля конкурсу яна выйшла замуж і пераехала ў Мінск. Цяпер Вікторыя працуе касметолагам, захапляецца арт-тэрапіяй. У яе двое дзяцей.

конкурс міс беларусь
Вікторыя Мігановіч. Фота: vgr.by

Тады самую прыгожую беларуску выбіралі з 25 канкурсантак. Грашовае ўзнагароджанне, карона з белага золата з фіянітамі і тапазамі, а таксама магчымасць прадстаўляць краіну на сусветным конкурсе — гэта далёка не ўсе прызы, якія атрымала Вікторыя. Дзяўчына на тыдзень адправілася ў Парыж. У 2014 годзе ў інтэрв’ю выданню «Гродзенская праўда» яна расказала, што працуе медсястрой у бальніцы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якую ўзначальвае Ірына Абельская — меркаваная маці малодшага сына Лукашэнкі. Туды яе размеркавалі пасля заканчэння Мінскага медкаледжа, хоць мусілі былі адправіць у родную Смаргонь, дзе жывуць яе бацькі і не хапае медыцынскіх работнікаў. У «лечкамісіі» яна асіставала стаматолагу. У вольны час падзарабляла ў адным са сталічных салонаў прыгажосці.

Тытул «Міс Беларусь-2016» заваявала Паліна Барадачова з Мінска. Яна адразу прыцягнула ўвагу тым, што ахвяравала машыну, выйграную ў конкурсе, на дабрачыннасць.

конкурс міс беларусь
Паліна Барадачова. Фота: aif.by

Паліна знаходзіцца ў шлюбе з беларускім хакеістам Яўгенам Нагачовым. Пара жыве ў Францыі. У іх нарадзілася дачка. Паліна шмат падарожнічае і ўдзельнічае ў фотасесіях. Інфармацыі пра дзяўчыну ў інтэрнэце вельмі мала.

У 2018 годзе ў конкурсе перамагла Марыя Васілевіч. На мерапрыемстве прысутнічаў і Лукашэнка. Пазней Васілевіч неаднаразова з’яўлялася з ім на публіцы — іх можна было ўбачыць побач у афіцыйных паездках, на спартыўных мерапрыемствах, а таксама на навагоднім балі ў Мінску, дзе Лукашэнка і Васілевіч танцавалі вальс.

конкурс міс беларусь
Марыя Васілевіч. Фота: belros.tv

Падчас візіту ў Бялынічы перад тэлекамерамі Лукашэнка прапанаваў Марыі ўзначаліць калгас. У маі 2019 года Васілевіч стала весці на дзяржаўным тэлебачанні перадачу «Добрай раніцы, Беларусь». У верасні стала вядома пра яе намер балатавацца ў дэпутаты. На выбарах Марыя Васілевіч набрала 28,94% галасоў у ніжнюю палату парламента рэспублікі і стала дэпутатам, хоць і не мела палітычнага досведу. Гэта быў самы нізкі працэнт па ўсіх 110 участках.

конкурс міс беларусь
Марыя Васілевіч з Лукашэнкам. Фота: mk.ru

Акрамя таго, Васільевіч уваходзіць у камісію па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў. Таксама яна прасоўвае закон аб адказным абыходжанні з жывёламі. Праца над ім вядзецца з сакавіка 2022 года. Пакуль законапраект не прыняты.

конкурс міс беларусь
Марыя Васілевіч з Лукашэнкам і ягоным сынам Мікалаем. Фота: apostrophe.ua

Не так даўно стала вядома, што дэпутаты пагадзіліся з папраўкамі ў закон «Аб грамадзянстве». Цяпер беларуса могуць пазбавіць грамадзянства за ўдзел у тэрарыстычнай або экстрэмісцкай дзейнасці. Першай пра гэта загаварыла менавіта Марыя Васілевіч. Яна тлумачыла, што гэта працуе толькі з тымі, хто атрымаў беларускае грамадзянства не па праве нараджэння. Аднак Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу МУС лёгка змагло ануляваць пашпарт, хоць святар нарадзіўся ў Беларусі.

конкурс міс беларусь
Васілевіч побач з Лукашэнкам. Фота: dialog.ua

Іншых гучных падзей, звязаных з Васілевіч, апошнім часам не адбывалася. У сацыяльных сетках яна рэгулярна дае справаздачу аб сваіх дэпутацкіх буднях — расказвае пра пасяджэнні, наведванні спартыўных аб’ектаў, ускладанні кветак.

Як змяніўся конкурс «Міс Беларусь» пасля 2020 года

Паўфінал «Міс Беларусь-2020», які павінен быў прайсці 21 сакавіка, быў перанесены на нявызначаны тэрмін. Прычыны пераносу арганізатары не паведамлялі.

Вядома, што кастынгі аднавілі ў 2021 годзе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года нават гэты конкурс не застаўся па-за палітыкай. Кіраўніца дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач адзначыла, што дзяўчат у тым годзе правяралі «асабліва старанна». Арганізатары нават праглядалі іх акаўнты ў Instagram.

конкурс міс беларусь
Алена Лобач. Фота: sb.by

Фінал конкурсу адбыўся 10 верасня ў Мінску. Асноўнай тэмай мерапрыемства сталі мінулае, сучаснасць і будучыня краіны. «Праз вобраз Беларусі мы раскрыем у тым ліку вобраз сапраўдных беларусак. Не тых, хто жыве імгненнымі эмоцыямі і становіцца ў пратэсныя шэрагі са спісанымі пошласцю плакатамі ў руках», — заявіла Лобач.

Акрамя таго, у 2021 годзе колькасць жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе была вельмі нізкая. Напрыклад, у Брэсце на гарадскі кастынг прыйшла ўсяго адна дзяўчына. Летась у гэтым жа конкурсе бралі ўдзел каля 20 прэтэндэнтак.

У Гродне кастынг праходзіў за зачыненымі дзвярыма і з міліцыяй на ўваходзе. На гарадскі адбор прыйшлі 23 дзяўчыны. Арганізатары не пусцілі ў залу журналістаў недзяржаўных СМІ і забаранілі ім размаўляць з канкурсанткамі. Апошні раз кастынг у горадзе праходзіў у 2018 годзе. Тады на конкурс прыйшлі 80 прэтэндэнтак, 30 з іх прайшлі ў наступны тур.

Таксама стала вядома пра дакумент з адміністрацый раёнаў Мінска, у якім гаворыцца, што Нацыянальнай школе прыгажосці тэрмінова патрэбны ўдзельніцы для конкурсу «Міс Беларусь». Ад кожнага раёна сталіцы патрабавалася выдзеліць па пяць дзяўчат з пэўнымі параметрамі.

конкурс міс беларусь
Дакумент з адміністрацый раёнаў Мінска. Фота: currenttime.tv

У выніку арганізатары адабралі ў фінал 29 удзельніц. Амаль трэць з іх працавалі ў дзяржструктурах (або марылі працаваць там), былі звязаныя з БРСМ або Лукашэнкам. Напрыклад, Кацярына Нікішына займала пасаду вядучага інжынера ў Брэсцкім абласным упраўленні Дзяржкамітэта судовых экспертыз і вяла навіны на рэгіянальным тэлебачанні. Анастасія Казырыцкая была супрацоўніцай упраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Віялета Шуравіна служыла ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску. Уладлена Зайцава — інспектар Магілёўскай мытні. У складзе творчага калектыву яна выступала ў 2020 годзе на Купаллі ў Александрыі, дзе прысутнічаў і Лукашэнка.

Пераможцай Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2021» стала васямнаццацігадовая Дар’я Ганчарэвіч. Дзяўчына атрымала галоўны прыз Нацыянальнага конкурсу — карону з белага золата з натуральнымі тапазамі і дыяментамі, у аснове якой беларуская сімволіка і стылізацыя валошкі, а таксама ключы ад аўтамабіля Geely.

конкурс міс беларусь
Дар’я Ганчарэвіч. Фота: sb.by

На дадзены момант Дар’я працуе мадэллю і выкладчыкам дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці. У снежні 2021 года Ганчарэвіч павінна была прадставіць краіну на міжнародным конкурсе «Міс Свету» у Пуэрта-Рыка, але ў яе выявілі кавід.

У 2023 годзе ў фінале конкурсу «Міс Беларусь» паказалі танец з кувалдамі. У танцы босыя хлопцы з залатымі кувалдамі гралі кавалёў, а ўдзельніцы конкурсу ў касцюмах, якія нагадвалі нацыянальныя, хадзілі па сцэне. У канцы яны згрудзіліся ў купку пасярод сцэны, а хлопцы з кувалдамі бегалі вакол іх у карагодзе.

конкурс міс беларусь
Танец з кувалдамі. Фота: reform.by

Кувалды нейкі час таму сталі вельмі папулярнымі сярод прапагандыстаў і ідэолагаў. Лукашэнка падарыў кувалду Рыгору Азаронку, камандзір атрада ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын падарыў кувалду школьнаму музею. Адну кувалду заўважылі сярод экспанатаў у Палацы Незалежнасці. Кувалда «Вагнера» стала сімвалам ваенных злачынстваў расійскіх вайскоўцаў.

конкурс міс беларусь
Лукашэнка падарыў Азаронку кувалду. Фота: ont.by

Тытул «Міс Беларусь-2023» заваявала Элеанора Качалоўская. Дзяўчыне 23 гады, яна працуе менеджаркай мадэльнага агенцтва ў Нацыянальнай школе прыгажосці. За перамогу ў конкурсе Качалоўская атрымала грашовы прыз і падарункі: ювелірнае ўпрыгожванне, аўтамабіль Geely і збор твораў Янкі Купалы.

конкурс міс беларусь
Элеанора Качалоўская. Фота: sb.by

Дарэчы, падчас фіналу дзяўчатам задавалі пытанні вядомыя беларускія жанчыны. У прыватнасці, Элеаноры трэба было адказаць на пытанне артысткі тэатра Янкі Купалы пра тое, хто з’яўляецца аўтарам п’есы «Паўлінка», але Элеанора не ведала адказу.

Пасля Качалоўская паабяцала, што абавязкова прачытае п’есу і прыйдзе на «Паўлінку» ў Купалаўскі тэатр.

Дзяўчына адзначыла, што адчувае велізарнае пачуццё падзякі да сваёй краіны, і асабіста падзякавала Лукашэнку: «Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй, што вы даяце такім простым дзяўчатам магчымасць апынуцца ў гэтай казцы».

Вярнуцца ўгару