3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вікторыя Мігановіч са Смаргоні выйграла тытул "Міс Беларусь - 2014". У Палацы спорту вечарам 2 мая адбыўся фінал
IX Нацыянальнага конкурсу прыгажосці, паведамляе БЕЛТА.Пад бурныя апладысменты на сцэне адбылася каранацыя новай "Міс Беларусь". Сімвал прыгажосці перайшоў Вікторыі ад пераможцы 2012 года брастаўчанкі Юліі Скалковіч. Залатое ўпрыгажэнне было выраблена па заказе Нацыянальнай школы прыгажосці яшчэ ў 2004 годзе. Карона ўсыпана паўтысячай фіянітаў і тапазаў. Важыць ювелірны выраб 120 г.
Цяпер прызнаная прыгажуня зможа прадстаўляць краіну на конкурсе "Міс свету - 2014", удзельнічаць у культурных і дабрачынных мерапрыемствах як у Беларусі, так і за мяжой. Ад арганізатара конкурсу, тэлеканала АНТ, каралева прыгажосці атрымала спецпрыз - тур у Парыж "Тыдзень топ-мадэлі". Майстар-клас па макіяжы, кансультацыі ў дыетолага, курсы ёгі і прафесійная фотасесія - цяпер Вікторыя Мігановіч на ўласным вопыце зможа даведацца, чым дыхае індустрыя моды.
Першай віцэ-міс стала мінчанка Хрысціна Марцінкевіч. Звання другой віцэ-міс удастоена жыхарка сталіцы Дар'я Фаміна. Дзяўчаты атрымалі магчымасць прадстаўляць краіну на міжнародных форумах прыгажосці, напрыклад, "Міс Еўропа" і "Міс Інтэркантыненталь". Уладальніцы другога і трэцяга месца таксама атрымаюць грашовыя прызы.
Тытул "Міс топ-мадэль" заваявала мінчанка Вікторыя Васілеўская. "Міс дружба" названа Ангеліна Нерушкіна з Магілёва. Па выніках інтэрнэт-галасавання Вераніка Батвянкова з Магілёва стала "Міс глядацкіх сімпатый". Акрамя перамогі ў спецыяльных намінацыях, удзельніц чакае грашовае ўзнагароджанне.
Стужка намінацыі "Міс фота" ўпрыгожыла Яну Ждановіч з Бабруйска. У час шоу члены журы таксама выбралі дзяўчыну ў самай прыгожай вячэрняй сукенцы. Ёю стала Настасся Кузняцова з Веткі.
Усяго ў конкурсе "Міс Беларусь" удзельнічалі 25 дзяўчат.
Нацыянальны конкурс прыгажосці "Міс Беларусь" праводзіцца раз у два гады. Пачынаючы з 1998 года ўладальніцамі тытула станавіліся Святлана Крук (Гродна), Ганна Стычынская (Магілёў), Вольга Неўдах (Брэст), Вольга Антропава (Полацк), Кацярына Літвінава (Магілёў), Вольга Хіжынкова (Віцебск), Людміла Якімовіч (Гродна), Юлія Скалковіч (Брэст).
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|